Народны каляндар: 9 студзеня

9 студзеня па народным календары – Сцяпан. Дзень найму работнікаў у мінулым. «На святога Сцяпана вышэй слуга за пана». У гэты дзень у мінулым заканчваўся тэрмін службы парабкаў. Гаспадар будзіў мужыка словамі: «Уставай! Табе сёння Каляда, а мне бяда». Звычайна ў гэты дзень праходзілі выбары пастуха і складалася з ім дамова, што замацоўвалася агульным сталаваннем.
А яшчэ ў Сцяпанаў дзень з асаблівай павагай ставіліся да коней і паілі іх вадой, у якую клалі срэбны крыж, каб усцерагчы ад нячыстай сілы і дадаць здароўя.
Прымаўкі: «Каляда прыйдзе — добры год будзе», «Калядоўшчыкі ў хату шчасце нясуць», «Чыю хату каза міне, там цэлы год нялюдскае жыццё будзе».
Калядны час – магічны. Людзі верылі, што ў гэтую ноч адкрываюцца нябёсы і можна загадваць любыя жаданні. Таму шчасця зычым вам i кахання, хай спаўняюцца вашы жаданні!