Спазнай смак сваёй кухні: гатуем з бульбы

Дранікі з фаршам сталі ўжо звыклай стравай. Але калі бульбу з мясам ператварыць у рулет, дадаць у яго пабольш зеляніны і адправіць у духоўку пасыпаўшы сырам, атрымаецца смачная страва, нават годная да святочнага стала. Падаваць рулет можна хоць гарачым, хоць халодным. Можна нарэзаць яго на кавалачкі і падаць як закуску на агульны стол.
Інгрэдыенты
- 1 кг. бульбы
- 0,5 кг. любога фарша
- 150 гр. любога цвёрдага сыру
- 200 гр. смятаны ці маянэзу
- Два яйкі
- Соль, спецыі па смаку
- Дзве цыбуліны
- Мука — 3 ст .л.
Спосаб прыгатавання
Бульбу трэба пачысціць і надзерці на дробнай тарцы разам з цыбуляй. Калі ваша бульба вельмі рэдкая, можна злёгку яе адціснуць. Дадаць яйкі, соль, муку. Добра ўсё змяшаць. Пергамент добра змазаць сметанковым маслам. Гэта важна. На пергамент выкласці бульбу слоем таўшчынёй 1 см. Смятану змяшаць з соллю, часнаком і кропам. Цыбулю парэзаць і абсмажыць да залацістага колеру. Дадаць да цыбулі фарш, пасаліць, прыправіць спецыямі і абсмажыць да гатоўнасці. Сыр надзерці на тарцы. Змазаць вялікі дранік смятанным соўсам. Выкласці на смятану фарш. Зверху ўсё прысыпаць сырам. Скруціць рулет. Запякаць яго пры 200 градусах 15 хвілін. Падаваць са смятанай.
Бульбяныя пончыкі
Калі пюрэ не выклікае радасці, а дранікі ўжо прыеліся, бульбяныя пончыкі — гэта як раз тая страва, якая дапаможа ацаніць зусім іншы смак бульбы. Менавіта так разважаюць гаспадыні, калі жадаюць прыгатаваць што-небудзь небанальнае на вячэру. Гатовую страву падаюць да стала са смятанай, зелянінай ці любімай падліўкай.
Інгрэдыенты:
- 400 гр. адварной бульбы
- 300 гр. адвару, у якім варылася бульба
- 20 гр. свежых дрожджаў
- 500-600 гр. мукі
- Соль — 1 ч.л
- Цукар — 2 ст.л
- Алей — 2 ст.л.
- Яйкі — 1 цэлае, альбо 2 жаўткі
Спосаб прыгатавання: бульбу адварыць і добра патаўчы, каб не было камякоў, змяшаць з гарачым адварам і астудзіць да цёплага стану. Дадаць дрожжы, добра размяшаць і дадаць усе астатнія інгрэдыенты, акрамя мукі. Муку дадаваць паступова, каб атрымалася мяккае цеста. Добра замясіць, але цеста будзе злёгку ліпнуць да рук. Пакласці ў змазаную алеем міску на браджэнне на 40 хвілін ці да павелічэння цеста ў 2-3 разы. Цеста атрымаецца вельмі мяккім. Дошку трэба змазаць алеем, выкуліць на яе цеста, трохі яго абмяць і змазанымі алеем рукамі падзяліць на невялікія кавалачкі. Абсмажыць у гарачым алеі з двух бакоў да румянай скарынкі.
Гатуйце самі — гатуйце з намі!