Народны каляндар: 1 лютага

Люты — апошні месяц зімы. Як бы халодна нi было ў гэты месяц, але людзі заўсёды ведалі, што ўжо хутка вясна: «Ад лютага зіма збягае цёмнымі начамі». Нашы продкі па стану лютага прадказвалі асаблівасці будучага надвор’я. Напрыклад, калі ў гэтым месяцы быў мароз, зіма павінна працягвацца нядоўга. Люты меў свой адпаведнік у другім паўгоддзі: калі люты — сухі, то жнівень будзе гарачы.
Нашы продкі верылі, што сны ў гэты дзень прарочыя і абавязкова збудуцца. У адных месцах лічылі, што якое надвор’е сёння, такі і ўвесь люты будзе, у іншых казалі, што такой будзе ўся вясна. Калі неба яснае, то вясна будзе рана, а калі мяцеліца, то і на Масленіцу будзе месці.