У раёне працягваюцца веснавыя палявыя работы

0
267

Сёлетняя сяўба ранніх яравых сельгаскультур праходзіць у складаных умовах надвор’я: мінусавая тэмпература раніцай і снег уплываюць на працоўны графік аграрыяў. Таму і тэмпы выканання запланаваных мерапрыемстваў на гэтым тыдні некалькі знізіліся. Асаблівасці пачатку красавіка адчулі і раслінаводы ВТУП “Агракомплекс “Светлы” і ім таксама прыйшлося карэкціраваць свой працоўны графік, каб своечасова засеяць гаспадарчыя палеткі.

– На пачатак сяўбы на палях агракомплексу неабходна было пасеяць 2211 гектараў яравых культур,– адзначыла галоўны аграном гаспадаркі Галіна Бядовік,– пшаніцы – 250 га, ячменю – 363 га, аўсу – 325 га, зернебабовых – 420 га. Акрамя гэтага, мы запланавалі пасеяць 323 га аўса на зялёны корм, 130 га грачыхі і 400 га кукурузы. Як бачыце, вясеннія палеткі ў нас вялікія, аднак, мы нацэлены на ваканне задання ў поўнай меры і ў агратэхнічныя тэрміны,  для чаго ў нас ёсць усё неабходнае. Штат паляводаў адпавядае патрабаванням, і ўсе ўдзельнікі сяўбы, як вопытныя механізатары, так і маладзейшыя, кожны на сваім участку працы, падыходзяць да пастаўленых задач добрасумленна і адказна.

Дарэчы, калектыў паляводчага атрада – дружны і згуртаваны мае ў сваім арсенале сучасныя агрэгаты і абсталяванне для апрацоўкі глебы. Так, на вясновым ворыве задзейнічаны Канстанцін Сляпцоў і  Аляксандр Карпіловіч, і ад іх прафесійнага падыходу да справы залежаць наступныя працэсы. Культывацыю глебы выконвае Ігар Дубіненка, на сяўбе яравых культур задзейнічаны Сяргей Белахонаў, а на падвозе насення – Сяргей Шаплыка.

Надаецца адпаведная ўвага і азімым сельгаскультурам, якім зараз патрабуюцца падкормкі і ахоўныя мерапрыемствы. На ўнясенні мінеральных угнаенняў для сеянцаў раслін працуе Мікалай Шаплыка, падкормку прэпаратам КАС робіць Дзяніс Борахаў, а на падвозе гэтага рэчыва задзейнічаны Аркадзь Кузмянкоў.

За ўсімі працэсамі сочаць і кантралююць выкананне заданняў галоўны аграном Галіна Бядовік і аграном Вікторыя Семянчук.Яны упэўнены: пастаўленыя задачы будуць выкананы.