Вось-вось скончыцца вясновы клопат аграрыяў раёна, і яны распачнуць летнія працы. Да аднаго з асноўных паляводчых працэсаў можна аднесці корманарыхтоўку, да якой хутка далучацца ўсе сельгаспрадпрыемствы. А пакуль ім неабходна максімальна звярнуць увагу на тэхніку, якая будзе выкарыстоўвацца на кашэнні траў, нарыхтоўцы сена і сенажу. Усяго ў раёне 10 корманарыхтоўчых камбайнаў, будуць працаваць аўтамашыны і трактары. Але адной падрыхтаванай тэхнікі не дастаткова ў адказны сельскагаспадарчы перыяд: трэба яшчэ распрацаваць цэлы шэраг неабходных мерапрыемстваў. У сувязі з гэтым раённым выканаўчым камітэтам сцверджаны склад пяці тэхналагічных груп, кожная з якіх замацавана за сельгаспрадпрыемствам. Перад самой корманарыхтоўкай звяртаецца ўвага на сіласныя і сенажныя траншэі, якіх у раёне 42, некаторыя з іх неабходна адрамантаваць, як і пад’язныя пуці да іх. За якасцю нарыхтоўкі кармоў будуць пільна сачыць спецыялісты зацверджанай райвыканкамам групы пры ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. У склад групы ўваходзяць вопытныя работнікі Чэрыкаўскай райветстанцыі. Дарэчы, каб жывёла на комплексах і фермах раёна не толькі добра перазімавала, а і давала высокія прыбаўленні ў вазе і надоі, трэба нарыхтаваць усяго 50769 тон кармоў, у тым ліку не менш чым 63,7 цэнтнеры кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву. Гэта 3670 тон сена, 41540 тон сенажу, 39120 тон сіласу, 14322 тоны фуражнага збожжа. Прычым разлічваюць спецыялісты нарыхтаваць травяністыя кармы першага класа не менш чым 90 % ад агульнай вагі па прагрэсіўным тэхналогіям у палімерны рукаў і стрэйч-плёнку – 2700 тон.
Не будуць абдзелены ўвагай і непасрэдныя ўдзельнікі корманарыхтоўкі — механізатары і кіроўцы, для якіх ствараюцца адпаведныя санітарна-бытавыя ўмовы арганізовываюцца медыцынскае абслугоўванне, харчаванне.
Не застанецца ў баку ад запланаваных сельскагаспадарчых працэсаў, напрыклад, ААТ “Чэрыкаўрайаграпрамтэхзаб”, дзе пабываў карэспандэнт “ВЧ”. Тут, як кажуць, ужо размеркаваны ролі, і кожны ведае, чым будзе займацца. Як адзначылі ў сельгаспрадпрыемстве, у працэсе будуць задзейнічаны два корманарыхтоўчых камбайны “Ягуар 870” і “КГ-6”, за якімі замацаваны вопытныя механізатары Уладзімір Рандаўцоў і Алег Сямёнаў. Да кашэння траў прыступяць Уладзімір Рандаўцоў і Анатоль Зубараў, а сграбаць і варушыць пакосы будзе Яўген Смалоўскі. А пакуль не быў дан старт нарыхтоўцы кармоў кожны ўдзельнік гэтага працэса займаецца падрыхтоўкай замацаванай тэхнікі: дзе адрамантаваць, дзе наладзіць, дзе замяніць зношаныя дэталі на новыя. Свой унёсак у агульную справу робяць токары Віктар Мерзлікін і Віктар Сергіенка, слесары Аляксандр Лапіцкі і Аляксандр Жмакін, Міхаіл Панізоўцаў. Дарэчы, акрамя таго, што спецыялісты выконваюць рамонтныя работы для тэхнікі тэхзаба, яны яшчэ дапамагаюць, зразумела, не за дарма, іншым сельгаспрадпрыемствам,выконваючы шэраг тэхнічных і рамонтных паслуг.
Не адклалі тут на доўгія тэрміны агляд і падрыхтоўку 10 сенажных і сіласных траншэй да нарыхтоўкі здробненых кармоў. За летні перыяд ААТ “Чэрыкаўрайаграпрамтэхзаб” трэба нарыхтаваць 740 тон сена, 8925 тон сенажу, 8270 тон сіласу, 1557 тон фуражнага збожжа, 12299 тон зялёнай масы. Будзе нарыхтавана 545 тон травяністых кармоў па прагрэсіўным тэхналогіям у палімерны рукаў і стрэйч-плёнку.
Алеся Панімаева